«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся. Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: “Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне”. Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста» (Ян 1, 1–18).